Свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”
26 ліпеня Ракуцёўшчына ажыла звонкімі галасамі і музыкай, вітаючы гасцей традыцыйнага свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”, прысвечанага памяці Максіма Багдановіча. Мерапрыемства, арганізаванае ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Фальварак Ракуцёўшчына”, сабрала разам сапраўдных прыхільнікаў беларускай культуры – літаратараў, аматараў паэзіі і простых людзей, якія шануюць жывое беларускае слова, стаўшы яркай падзеяй у культурным жыцці краіны, якое падкрэсліла важнасць беларускай літаратуры і нацыянальнай спадчыны.
Свята пачалося з прывітальнай імпрэзы каля памятных камянёў, дзе ў знак пашаны да таленту паэта ўсклалі кветкі. Госці свята з цікавасцю паглыбіліся ў гісторыю, наведаўшы экспазіцыю музея “Фальварак Ракуцёўшчына”. А для тых, хто прагнуў творчасці і весялосці, працавалі займальныя майстар-класы, ладзіліся квесты і гульні. Кульмінацыяй свята стала канцэртная праграма, у якой прынялі ўдзел вядомыя беларускія літаратары, музыканты і спевакі. Сваю творчасць і цудоўны настрой у гэты дзень гледачам дарылі: народны ансамбль народнай музыкі «Сакавінка» Чысцінскага сельскага Дома культуры, узорная вакальна-харэаграфічная студыя “Віртуоз” Маладзечанскага раённага цэнтра культуры, творчыя калектывы і салісты Красненскага і Відзеўшчынскага сельскіх Дамоў культуры, народны ансамбль беларускай музыкі і песні «Ярыца», этнічны гурт “Арацэя”.
Свята паэзіі і песні ў Ракуцёўшчыне стала сапраўдным падарункам для ўсіх, хто шануе беларускую культуру і спадчыну Максіма Багдановіча. Мы шчыра дзякуем усім, хто далучыўся да ўшанавання памяці вялікага паэта і зрабіў гэты дзень незабыўным.

